НОВЫ ГОД ПАЧЫНАЕЦЦА З "КАЗКІ"
Прэс-рэліз
Паважаныя сябры! Запрашаем вас сустрэць з намі казачны Новы год у Купалавым доме
Мінск, вул. Янкі Купалы, 4. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, 13 студзеня 2015 г., пачатак аб 18.00
Гэта першая вечарына, якую праводзіць арт-студыя “Казка”. Яна дабрачынная: ахвяраванні, сабраныя пад час калядак і кірмаша, пайдуць на патрэбы МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”.
Ідэю дабрачынных калядак і кірмаша, выказаную Аленай Масла, падтрымаў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, славуты сваімі шматлікімі добрымі традыцыямі, у тым ліку працы з дзецьмі, арганізацыі дабрачынных мерапрыемстваў.
Арганізатары і мы, бацькі дзяцей з аўтызмам, ўдзячны ўсім, хто адгукнуўся на запрашэнне выступіць, а таксама, хто перадае на дабрачынны кірмаш свае кнігі і творы мастацтва: Аксане Аракчэевай, Крысціне Пержуковай, Пятру Кузьмічу, Галіне Пшонік, сям’і казачніка Пятра Сіняўскага і іншым добрым людзям.
АФІША ВЕЧАРЫНЫ
Гасцей чакаюць сустрэчы з беларускімі народнымі казкамі, а таксама гісторыі пра іх збіральнікаў, шукальнікаў, апавядальнікаў, знаёмства з чароўнымі казачнымі прадметамі і героямі-асілкамі!
Казачную дзею вершаць:
Разалія Александровіч – магістр філалогіі
Аксана Аракчэева – мастачка
Алесь Камоцкі – бард
Ларыса Мятлеўская – тэлевядоўца
Ларыса Рыжкова -- кіраўніца ўзорнага фальклорнага ансамбля “Калыханка”
Андрусь Такінданг – саліст гурта “Рэха”, мастак
Анжэліна Туфкрэо -- мастацтвазнаўца
Алег Хаменка – лідэр гурта “Палац”
Людміла Хейдарава – паэт
Віктар Жыбуль, Вера Бурлак і Кастусь Жыбуль – паэтычна-творчая сямейка
і інш.
Вядоўца – пісьменніца-казачніца, заснавальніца арт-студыі “Казка” Алена Масла
Супрацоўнікі музея Янкі Купалы правядуць дабрачынныя калядкі ў падтрымку МДГА “Дзеці. Аутызм. Бацькі.”
На дабрачынным кірмашыку ахвотныя набудуць сабе чароўна-казачныя рэчы!
Гульні, казачная віктарына, на прызы – жывая вада і маладзільныя яблыкі!
Дэвіз арт-студыі “КАЗКА” і казачнай вечарыны – ДАБРО ПЕРАМАГАЕ!
БОЛЕЙ ПРА АРГАНІЗАТАРАЎ
Арт-студыя «КАЗКА» створана ў 2015 годзе. Сваёй дзейнасцю аб’ядноўвае пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў, актораў, этнографаў і ўсіх-усіх чараўнікоў, якія ў штодзённым жыцці ўмеюць ствараць цуды.
Заснавальніца арт-студыі – пісьменіца-казачніца Алена Масла, аўтар папулярных праектаў "Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні" і "Літаратурная Масленіца".
МДГА «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» створана тры гады таму сем'ямі, якія сутыкнуліся з аўтызмам, дзеля інклюзіі «асаблівых» дзяцей у масавую школу і грамадства.
Па ініцыятыве і пры актыўным удзеле бацькоў у Мінску працуюць шэсць інтэграваных класаў для дзяцей з аўтызмам, ствараецца першая ў краіне інклюзіўная школа для такіх вучняў.
Ініцыятыўная група бацькоў праводзіць серыю адукацыйных семінараў «ДАВАЙЦЕ ВУЧЫЦЦА ІНКЛЮЗІІ РАЗАМ». Яе сэнс – навучанне беларускіх спецыялістаў, якія суправаджаюць дзяцей з аўтызмам у інтэграваных і інклюзіўных класах агульнаадукацыйных школ.
Чарговы пяцідзённы семінар, які правяла расійскі аналітык паводзінаў Юлія Праснякова (Масква) на базе Мінскай школы № 187, скончыўся 26 снежня 2014 г. 19 беларускіх удзельнікаў з Мінска, Бабруйска і Кобрына атрымалі веды, практычныя навыкі і сертыфікаты.
Болей пра вучняў з аўтызмам. Сайт праекта «Аутизм: просто понять» http://autismschool.by/
Старонка «Аутизм: просто понять» в Фейсбуке
Старонка «Инклюзивное образование для детей с аутизмом. Средняя Школа 187 г. Минск» в Фейсбуке